Ірына Жук. Дзяўчына, якая лятае

24.03.2021

У сакавіку на чэмпіянаце Еўропы ў памяшканні Ірына Жук стала спартсменкай, якая ўжо дакладна запісала сваё імя ў гісторыю айчыннай лёгкай атлетыкі.

Яна першая сярод беларусаў заваявала медаль кантынентальнага першынства ў скачках у вышыню. Як гэта — быць Ірынай Жук, спартсменка расказала «Звяздзе».

— Ірына, падзяліся, калі ласка, сваімі ўражаннямі ад выступлення на чэмпіянаце Еўропы.

— Скажу шчыра, я была засмучана сваім вынікам. Пераможца скокнула ўсяго на два сантыметры вышэй за мой асабісты рэкорд у гэтым сезоне. Яна ўзяла 4,75 метра, а мой нядаўні рэкорд — 4,73 метра, а ў Торуні я ўзяла толькі 4,65. Я задала вышыню 4,78 метра, але рукой збіла планку. Я была гатовая перамагаць, я дзеля гэтага ехала, таму і засмуцілася. Так, гэта першы медаль у гісторыі беларускіх скачкоў з шастом, і мая першая такая значная ўзнагарода. Аднак у жыцці заўсёды ёсць нейкае «але». Мне здаецца, я ніколі не буду цалкам задаволеная сваімі вынікамі.

І ўсё ж мяне радуе, што я пачала спаборнічаць са сваімі асноўнымі саперніцамі, з якімі сустрэнуся на Алімпійскіх гульнях. Яны ўсе сталі выступаць значна лепш, чым раней. Але і я прадукцыйна праводзіла час і таксама ўдасканаліла сваю форму. Барацьба стала яшчэ цікавейшая.

— У цябе ёсць адказ на пытанне, чаму не ўсё задуманае атрымалася?

— Я чакала ад сябе перамогі на чэмпіянаце Еўропы, і гэта моцна на мяне ціснула. Я не баялася, што ад мяне чакаюць перамогі аматары, трэнер, федэрацыя. Як можна чакаць перамогі ад чалавека, які да гэтага не заваёўваў медалёў? Але я адчувала, што ўсе чакаюць ад мяне высокага выніку. І гэта таксама ціснула. Аднак у пэўнай ступені я сама сабе нашкодзіла. На Алімпійскіх гульнях у Токіа ўсё будзе інакш. Я ўжо зразумела, як гэта — змагацца за медалі і чакаць ад сябе выдатных вынікаў. Я буду гатовая да такога стану і буду ведаць, што з ім рабіць. Чэмпіянат Еўропы даў мне вопыт, які патрэбна было прайсці і перажыць, каб быць яшчэ лепшай і мацнейшай.

— Ты раздзяліла бронзавы медаль з брытанкай Холі Брэдшоу. Часта такое здараецца?

— У скачках з шастом гэта нармальная практыка. Самае цікавае, што мы абедзве былі галоўныя фаварыткі турніру і абедзве занялі трэцяе месца. І пасля разам ад душы пасмяяліся. Супакойвала, што я не адна такая, у каго рэчаіснасць не пацвердзіла чаканні.

— Можа, сваю справу зрабіла і тое, што ў Торуні не было жывой падтрымкі мужа?

— Віталя вельмі не хапала на чэмпіянаце Еўропы. Яго заўсёды не хапае, калі мы не разам. Увогуле, мне пашчасціла, што мой муж — таксама спартсмен. Мне здаецца, я не магла б быць з чалавекам з іншай сферы. Ён, напэўна, патрабаваў бы, каб я займалася домам, нарадзіла дзіця. Звычайнаму чалавеку цяжка зразумець і прыняць рытм жыцця спартсмена. А Віталь сам так жыве і ўсё разумее, падтрымлівае мяне, як ніхто іншы. Мне падабаецца, што мы разам займаемся лёгкай атлетыкай, хоць і рознымі дысцыплінамі.

— Колькі ў вас на дваіх медалёў?

— У Віталіка ў 2018 годзе была «бронза» чэмпіянату Еўропы, цяпер яна ёсць і ў мяне. Атрымліваецца, 1:1. У маіх бацькоў дома ўся сцяна завешана маімі медалямі, у бацькоў Віталя такая ж сітуацыя. Узнагарод вельмі шмат, але пакуль самых галоўных там няма.

— Іра, твой вопыт у спартыўнай гімнастыцы табе неяк дапамагае ў лёгкай атлетыцы?

— Мяне абурае, калі людзі думаюць, што калі я займалася гімнастыкай, то гэта дапамагае мне ў скачках. Усё, што я ўмею ў атлетыцы — гэта вялізная праца, мая і майго трэнера. Калі параўнаць, як выконвала практыкаванні адразу пасля гімнастыкі і як выконваю іх зараз — будзе відавочная розніца. Канешне, цяпер я ўсё раблю на высокім прафесійным узроўні, але зусім не праз тое, што я займалася гімнастыкай. Дзякуючы гімнастыцы ў мяне закладзена спартыўная база, яшчэ з дзяцінства развітыя мэтанакіраванасць, імкненне да перамог і іншыя важныя для спорту якасці.

— Гэта праўда, што ты захацела скакаць з шастом, калі ўбачыла выступленне алімпійскай чэмпіёнкі, расіянкі Алены Ісінбаевай?

— Гэта праўда. Не ведаю, чаму мяне гэта так зачапіла. Я проста падышла да мамы і сказала: «Я хачу гэтак жа скакаць, думаю, у мяне атрымаецца». Мама мяне падтрымала. На той момант я ўжо развіталася з гімнастыкай і проста сядзела дома. Мне было 13 гадоў, а ў мяне не было сяброў, знаёмых, хобі. Усё гэта замяніў спорт, і калі ён скончыўся, я сутыкнулася з рэальным жыццём, дзе я адна. Канешне, побач заўсёды былі бацькі, брат, але ж падлетку патрэбныя і сябры, захапленні.

— У цябе ёсць «заклятая саперніца», якую табе хочацца перасягнуць?

— Я б сказала, што хачу не перасягнуць кагосьці з саперніц, а скокнуць максімальна высока, так, як ніхто не скакаў. Ужо тры чалавекі ўзляцелі вышэй, чым на пяць метраў, значыць, змогуць яшчэ дзесяць. І я нічым ад іх не адрозніваюся. Але нельга хадзіць вакол канкрэтнай лічбы. Я іду не да лічбавых паказчыкаў, а да максімальнай рэалізацыі сваіх магчымасцяў. Чым больш я ўдасканалю свой бег, тэхніку і іншыя якасці, тым вышэй скокну.

— Чэмпіянат Еўропы ў Торуні праходзіў без гледачоў на трыбунах. Магчыма, у такіх жа ўмовах будуць праходзіць і алімпійскія спаборніцтвы. Наколькі для цябе важная жывая падтрымка трыбун?

— Мне патрэбна, каб мяне падтрымлівалі людзі на стадыёне. Асабліва калі я настройваюся на апошнюю спробу. Гледачы пачынаюць падтрымліваць, і я разумею, што не магу не выканаць гэтую спробу максімальна добра. Вельмі адчуваецца энергетыка гледачоў, і яна добра дапамагае. Без гэтага цяжка выступаць. Я, вядома, ужо прывыкла, але, спадзяюся, хутка ўсё зменіцца.

— У тыя імгненні, калі ты ўжо скокнула і ляціш на мат, аб чым ты думаеш?

— Думкі бываюць розныя. Калі спроба няўдалая — акрамя «псіхаў» і крыўды на сябе, нічога не адчуваеш. А калі пералятаеш рэкордную для сябе вышыню — гэта неверагоднае выступленне. Проста выбух эмоцый. Я заўсёды крычу, калі лячу. Ад спробы да спробы эмоцыі назапашваюцца, і ў апошняй стрымаць іх ужо немагчыма! А калі ўсё заканчваецца, наступае пустэча. Пасля летняга чэмпіянату Беларусі, калі я скокнула на 4,72 метра, два дні не магла гаварыць, стаяць, хадзіць. Я проста ўсё, што ў мяне было, пакінула ў сектары. Адзін мой знаёмы пасля бронзавага медаля Алімпійскіх гульняў тры дні не мог сказаць ні слова. Спаць немагчыма, асабліва першую ноч. Гэта цікавы і вельмі круты стан арганізма.

— Назаві, калі ласка, момант, які ты лічыш самым знакавым у тваёй кар'еры.

— Заваяванне ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра. Гэта адбылося на маім родным гродзенскім стадыёне, на трыбунах была ўся мая сям'я, сябры. Мне было 23 гады, і скокнула 4,50 метра. Тады я за паўгода дадала 30 сантыметраў і мэтанакіравана ішла да заваявання ліцэнзіі. І тое выступленне было апошнім шанцам адабрацца ў Рыа. І калі апошняя спроба стала ўдалай, і стадыён пачаў апладзіраваць, я зразумела, што чагосьці вартая, магу ісці далей і павінна заўсёды дабівацца перамогі.

— А былі ў цябе моманты эмацыянальнага выгарання?

— Гэта здарылася, калі я тры гады запар скакала чатыры метры і ніяк не магла скокнуць вышэй. Перашкаджаў нейкі псіхалагічны бар'ер. Я набірала па хуткасці, па сіле, а скокнуць вышэй ніяк не атрымлівалася. Тады мне дапамагла сустрэча з мужам. Ён мне сказаў, што я магу пераадолець любую вышыню. І праз год я скарыла 4,50 метра. Мой трэнер верыць у мяне, але тут з'явіўся чалавек, які пастаянна мне нагадваў, што я моцная і змагу ўсё. Віталь лічыць, што я навучыла яго скакаць, што вельмі важна для мнагаборца. Я не лезу ў кіданне, спрынт. А што датычыцца скачкоў, магу штосьці параіць, падказаць, калі ён гатовы пачуць мой каментарый.

— Іра, раскажы, калі ласка, некалькі цікавых фактаў пра сябе.

— Я ненавіджу сушаную рыбу. Мой муж — рыбак, зімой цэлы дзень правяла з ім на рыбалцы. Было страшэнна холадна, але я гераічна ўсё выцерпела. Я вельмі хачу скокнуць з парашутам. І зараз будзе парадокс — я вельмі баюся вышыні. Баюся лятаць на самалётах, жыву на дзясятым паверсе і баюся з акна глядзець уніз. Аднойчы фобія нават перашкодзіла ў спорце. Я спакойна скакала чатыры метры, а 4,20 не магла, потым пераадолела гэты страх. Падчас выступлення я не думаю аб вышыні, а думаю толькі аб тым, як скокнуць. А вось у штодзённым жыцці вышыня мяне пужае, таму з дапамогай парашута хачу перамагчы гэтую фобію. Я вельмі рамантычны і сентыментальны чалавек. Магу знайсці рамантыку нават у звычайных рэчах. І яшчэ адзін факт — я ніколі не саступаю ў спрэчцы, нават калі ведаю, што я не маю рацыі. Гэта, зразумела, на адносіны ўплывае.

— На зносіны з мужам?

— У асноўным, так. Ён мая поўная супрацьлегласць. Я эмацыянальная, запальчывая, узрыўная. Віталь — спакойны, памяркоўны, стрыманы. І калі мы спрачаемся, то збоку гэта можа выглядаць даволі дзіўна. Я крычу, абураюся, а ён — спакойны, як удаў.

— А ў спорце твая эмацыянальнасць дапамагае ці перашкаджае?

— Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Часта яна ўплывае на адносіны з трэнерам. У некаторых сітуацыях мне варта быць спакайнейшай, а я не магу. Такі тэмперамент у мяне ад прыроды. Скачкі з шастом — гэта спробы. То-бок я павінна паказаць выбух эмоцый, потым сесці, супакоіцца ды чакаць наступнай спробы. А як выключыцца, калі ты ўжо на ўзводзе? І мне прыходзілася вучыцца расслабляцца, бо праз дзве-тры спробы я згарала. На трэніроўках трэнер спецыяльна прымушаў мяне спакойна сядзець, а потым зноў уключацца. Мы выканалі вялізную работу ў гэтым кірунку.

— Ты ўсю сваю кар'еру ў лёгкай атлетыцы працуеш з адным трэнерам, правільна?

— Так, з Юрыем Рыгоравічам я з самага пачатку, за столькі гадоў ён мне ўжо як бацька. Неяк так склалася, што мяне заўсёды акружаюць спакойныя і ўраўнаважаныя людзі, супрацьлеглыя мне. І трэнер па характары — такі ж, як і мой муж. Мабыць, таму нам так камфортна разам. Юрый Рыгоравіч ніколі не жадаў мне нічога дрэннага. Ён часта казаў, што калі захачу змяніць трэнера, бо вырашу, што іншы спецыяліст зможа даць мне больш, то ён мяне адпусціць. У нас былі розныя сітуацыі, і часам я нават думала аб пераходзе да іншага настаўніка. Але заўсёды сябе спыняла тым, што менавіта з гэтым чалавекам усяму навучылася, менавіта ён навучыў мяне трымаць шэст, скакаць. І я вельмі рада, што падчас нашых сварак перамагаў здаровы сэнс. Я сама ствараю канфлікты і сама іх вырашаю, першая іду на прымірэнне.

— Іра, раскрый сакрэт сваёй матывацыі?

— Пакуль я не выступаю так, як хачу, пакуль я не задаволеная сваімі вынікамі — мне не трэба шукаць матывацыю.

Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда"

Поделиться:

Интернет-ресурсы