Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / СМІ пра нас

Стромкія віражы жыцця

Пакуль адны спартсмены змагаюцца за медалі на зімовай Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі, да сваіх спаборніцтваў у Пхёнчхане старанна рыхтуюцца паралімпійцы. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі? Язык не паварочваецца іх так назваць пасля сустрэчы з Людмілай Ваўчок — трохразовай чэмпіёнкай Паралімпійскіх гульняў. Спартсменка, якая прайшла праз цяжкія выпрабаванні і засталася прыкаванай да інваліднай каляскі, на асабістым прыкладзе даказвае — магчыма ўсё. Пра спаборніцтвы, безбар'ернае асяроддзе і планы на будучыню мы пагутарылі з ёй у перапынку паміж трэніроўкамі ў «Раўбічах».

Лыжы зусім не падабаліся

Дзве гадзіны трэніроўкі, а ўсмешлівая Людміла Ваўчок пад'язджае да нас, поўная энергіі. За плячыма — спецыяльныя сані з прымацаванымі лыжамі. На Паралімпійскіх гульнях, якія пройдуць з 9 па 18 сакавіка, дзяўчына будзе спаборнічаць у лыжных гонках. З 2 лютага яна практычна жыве ў «Раўбічах». Расклад строгі: тры дні працы, вольны дзень і зноў тры дні трэніровак.

Зараз ёсць пару гадзін для адпачынку, і Людміла Ваўчок гасцінна запрашае да сябе. У нумары — два ложкі: для яе і дачушкі, якая прыязджае пагасціць. І шмат пар розных лыж. Нават не верыцца, што спартсменка раней не любіла гэты від спорту:

Да траўмы (Людміла, калі была студэнткай, звалілася з даху інтэрната і зламала спіну. – Аўт.) я займалася лёгкай атлетыкай. Любіла бегаць, а лыжы са школы зусім не падабаліся. Лепш з імі ў руках прабягу, чым паеду! А пасля траўмы ўгаварылі паспрабаваць сябе ў лыжных гонках — і я палюбіла іх

Паралімпійка прызнаецца: толькі на лыжах адчула свабоду і хуткасць, якой ёй не хапала. Ніякая каляска не дае дзяўчыне такой лёгкасці перамяшчэння. Вось на лыжах яна, напрыклад, можа самастойна з’ездзіць у зімовы лес — вельмі любіць прыроду. І снежныя схілы, і непратаптаныя сцяжынкі — ёй не перашкода.

Боршч, тэфтэлі з пюрэ і кампот

Ой, і думаць не хачу, што хтосьці будзе глядзець на нас па тэлевізары падчас гульняў. Стараюся схавацца ад гэтай увагі. Нават блізкіх з сабой на спаборніцтвы не бяру, — катэгарычна кажа Людміла.

Быў ужо, аказваецца, такі досвед. На Паралімпійскія гульні ў Сочы Людміла Ваўчок паехала ў кампаніі старэйшага брата. Толькі вось наладзіцца на сур'ёзную барацьбу гэта ёй перашкодзіла. Ведала, што побач родны чалавек, які будзе задаволены любым зыходам гонкі. «Ты малайчына! 5-е месца — гэта выдатна», — шчыра радаваўся брат. А Людміла плакала яму ў плячо і разумела, што гэта зусім не яе вынік. Так што падчас спаборніцтваў — ніякіх сваякоў побач. Звязваецца толькі з шасцігадовай дачкой. Яна сёння, дарэчы, тут — катаецца на цюбінгах.

У спорт аддаваць не збіраецеся? — цікаўлюся.

Хай сама выбірае, чым хоча заняцца, я яе падтрымаю. Але яна ўжо ўмее шмат чаго: катаецца на горных лыжах, роліках, каньках.

Пакуль гутарым, у нумар прынеслі абед: боршч, тэфтэлі з пюрэ і кампот. Людміла ветліва прапануе пачаставацца і заўважае: ежу ў пакой ёй прынеслі ўпершыню. Паралімпійка звычайна абедае з іншымі спартсменамі ў сталовай. Дарэчы, у «Раўбічах» толькі трое спартсменаў рыхтуюцца да Паралімпіяды. Астатнія 11 трэніруюцца ў Італіі. Удзельнічаць наша каманда будзе ў спаборніцтвах па лыжных гонках і біятлоне.

«Асаблівыя дні для калясачнікаў? Навошта?»

У размове спартсменка не пазбягае тэмы траўмы, якая ў корані змяніла яе жыццё. Наадварот — разважае пра гэта з усмешкай:

Я не сумую, што са мной такое здарылася, значыць, так трэба было. Хто ведае, магчыма, я не стала б алімпійскай чэмпіёнкай, затое стала чэмпіёнкай Паралімпійскіх гульняў.

Калі Людміла даведалася пра дыягназ і атрымала даведку інваліда першай групы, ёй вялікую падтрымку аказала сям'я. Мама, фельчар хуткай дапамогі, — прыклад сілы і стойкасці. А старэйшы брат, успамінае спартсменка, увесь час знаходзіўся побач, калі пасля траўмы Людміла некалькі месяцаў ляжала без руху:

Гэтая сітуацыя нас вельмі зблізіла. Ён мне тады сказаў: «Я і не ведаў, што так цябе люблю». Мяне ў цэлым лёс зводзіць з добрымі, спагадлівымі людзьмі. Нават на вуліцах прахожыя дапамагаюць пры неабходнасці, напрыклад спусціцца ў пераход.

Закранаючы тэму безбар'ернага асяроддзя, Людміла звяртае ўвагу на некаторыя праблемы ў гэтым пытанні. Так, асобныя пандусы ў горадзе яна называе «пандусамі для экстрэмалаў»: здараецца, парэнчы занадта шырока расстаўлены ці не ўлічваюцца параметры інваліднай каляскі, і яна проста не можа заехаць на рэйкі. Спартсменка можа і па прыступках спусціцца і падняцца, калі няма неабходных электрапад’ёмнікаў і пандусаў, але так здолее не кожны калясачнік. Была і такая гісторыя: аднойчы вядомую паралімпійку не пусцілі ў мінскі клуб, дзе яна хацела адзначыць дзень нараджэння сяброўкі. Столік забраніравалі, а супрацоўнік аховы дзяўчыну ў калясцы спыніў — спаслаўся на нейкія правілы бяспекі:

Сказалі, што зробяць для калясачнікаў асобныя дні. Навошта? У мяне ёсць настрой сёння. Можа, я б пасядзела за столікам і нікому не перашкодзіла на танцпляцы. Да таго ж я за рулём — не п'ю алкаголь наогул.

Дарэчы, з перамяшчэннем на аўтамабілі таксама раз-пораз узнікаюць цяжкасці — з паркоўкай. Людміле даводзіцца выклікаць ДАІ, калі месца, прызначанае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аказваецца занятым. Спартсменка кажа: гэта не яе капрыз, а проста інакш ніяк. Дзверы машыны трэба адкрыць шырока, каб побач паставіць каляску — на звычайным паркавальным месцы такое не зробіш.

Без спорту сваё жыццё пакуль не ўяўляю. Раней удзельнічала ў спаборніцтвах па веславанні. А колькі ўсяго яшчэ хочацца паспрабаваць: горныя лыжы, байдарку, хэндбайк (ручны веласіпед), трыятлон, гоначную каляску, плаванне, — з энтузіязмам дзеліцца планамі Людміла.

А тым, хто сутыкнуўся са складанымі траўмамі і праблемамі са здароўем, яна раіць ісці наперад, нягледзячы на цяжкасці. Тады ніякія абмежаванні не перашкодзяць рэалізацыі планаў і простаму адчуванню шчасця.

Юлія МАТУЗАВА, "Рэспубліка"
Фота Сяргея ЛАЗЮКА