Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / СМІ пра нас

«Полымя свету» завітае ў кожны куток Беларусі


А затым маршрут эстафеты агню «Полымя свету» будзе пракладзены па тэрыторыі Італіі, Славеніі, Аўстрыі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі, Польшчы і завершыцца ў Беларусі.


«Эстафета агню — традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца ў рамках Алімпійскіх гульняў. Для Еўрапейскіх гульняў традыцыя яшчэ закладваецца, але на І Еўрапейскіх гульнях таксама была эстафета агню, якая праходзіла толькі па тэрыторыі краіны-арганізатара. Наша эстафета будзе адрознівацца большай маштабнасцю і большай значнасцю», — адзначае начальнік упраўлення па цырымоніях і культурнай праграме Дырэкцыі Сяргей Хоміч у сваім інтэрв'ю афіцыйнаму сайту Гульняў. І дадае, што многія традыцыі Еўрапейскіх гульняў яшчэ толькі закладваюцца і менавіта беларусы стаяць каля іх вытокаў, якія гадоў праз 20—30 будуць звыклымі для падобных спаборніцтваў.

Было прынята рашэнне, што эстафета агню павінна стартаваць у Рыме, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЕАК. Мяркуецца, што і на ўсіх наступных Еўрапейскіх гульнях эстафета агню будзе стартаваць менавіта тут. У Вечным горадзе 3 мая адбудзецца вялікая ўрачыстая цырымонія запальвання агню для Гульняў у Мінску. Месцам яе правядзення стане музейны комплекс Аrа Расіs Musеum, дзе знаходзіцца Арка свету — помнік архітэктуры, узрост якога больш за дзве тысячы гадоў. У ходзе ўрачыстага мерапрыемства будзе прэзентаваны сімвал акцыі — аліўкавае дрэва, а таксама запалены першы факел эстафеты агню ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Аліўкавае дрэва выраблена спецыяльна для ЕАК. Яно распасцірае свае карані ў глыбіню часоў і падымае галіны, каб прыняць спартсменаў 50 нацый. Сімвалічна, што працягласць эстафеты агню складзе 50 дзён. Першыя дні полымя будзе знаходзіцца ў Італіі. Яго даставяць у мястэчка Курмаёр (вобласць Вале-д'Аоста) на мяжы Італіі і Францыі. Тут непадалёк знаходзіцца найвышэйшая кропка Еўропы — гара Манблан. Полымя і сцяг ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама дзяржаўны сцяг Беларусі будуць узняты на гэты пік беларускімі альпіністамі, сярод якіх ёсць і пакарыцелі Эверэста.

«Пасля ўдзельнікі байкерскага клуба Thе оnе сhарtеr Bеlаrus будуць суправаджаць «Полымя свету» ў Беларусь, прарабіўшы вялікі шлях па такіх краінах Еўропы, як Славенія, Аўстрыя, Венгрыя, Славакія, Чэхія, Польшча. Падчас руху калоны па Еўропе на кожным матацыкле будзе размешчаны дзяржаўны сцяг Беларусі і сцяг эстафеты. Караван эстафеты наведае ўсе нацыянальныя алімпійскія камітэты вышэйпералічаных краін», — расказвае Сяргей Хоміч.

Частка эстафеты па тэрыторыі нашай краіны пачнецца з Брэста. У кожнай вобласці эстафета прабудзе па шэсць дзён. Стартуюць абласныя этапы з урачыстага канцэрта. Маршрут эстафеты будзе максімальна набліжаны да самых знакавых аб'ектаў і мясцін рэгіёнаў.

У Брэсцкай вобласці «Полымя свету» будзе знаходзіцца 12—17 мая, у Гродзенскай — 18—23 мая, у Віцебскай — 24—29 мая, у Магілёўскай — 30 мая — 4 чэрвеня, у Гомельскай — 5—10 чэрвеня, у Мінскай вобласці — 11—16 чэрвеня.

Непасрэдна ў Мінску эстафета пройдзе 17—21 чэрвеня. За гэты час Полымя правязуць па цэнтральных праспектах (Пераможцаў, Незалежнасці). Таксама яно пабывае на мінскіх прадпрыемствах, у парках і сталічных славутасцях. Маршрут эстафеты завершыцца на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». На гэтай арэне 21 чэрвеня падчас цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму.

Удзел у эстафеце агню ў Беларусі возьмуць 450 факеланосцаў, якімі стануць найлепшыя спартсмены краіны, вядомыя спецыялісты, аўтарытэтныя дзеячы навукі, культуры і мастацтваў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ