Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / СМІ пра нас

Плывец Iлья Шымановiч: "Мне цiкава даведацца, на што я здольны"

 Да старту Алiмпiйскiх гульняў у Токiа застаўся год. Увага да галоўных стартаў ужо наступнай пяцiгодкi будзе каласальная. «Звязда» знаёмiць сваiх чытачоў са спартсменамi, за якiмi наступным летам, затаiўшы дыханне, будзе сачыць Беларусь i ўвесь свет. 

На рахунку плыўца Iльi Шымановiча дзясятак нацыянальных рэкордаў, два сярэбраныя медалi чэмпiянату свету — 2018. На чэмпiянаце Еўропы — 2019 беларус двойчы падымаўся на п'едэстал: па «серабро» на 100 метраў i па «бронзу» ў комплекснай эстафеце. На Алiмпiйскiх гульнях — 2016 у Рыа зорка беларускага брасу не выступаў. Аднак у яго ёсць усе шанцы ўзяць рэванш i паказаць свае здольнасцi ў Токiа-2021. Цiкава, але сам Iлья ставiцца да гэтага па-фiласофску. 

 — Iлья, самае актуальнае пытанне сёлета для спартсмена: як вы перажываеце пандэмiю каранавiруса, адмену спаборнiцтваў?  

— Як i ўсе людзi, адаптуюся да сiтуацыi, якую стварыла пандэмiя. Нам давялося раней скончыць сезон. Да красавiка выступалi, а потым адмянiлi чэмпiянат Расii, у якiм хацелi паўдзельнiчаць, i чэмпiянат Беларусi. Добра, што ў лiпенi змаглi выступiць на Кубку Беларусi. Пакуль я ў планавым адпачынку, пасля буду рыхтавацца да пачатку сезона. Калi ўсё будзе нармальна, то ў кастрычнiку павiнен быць першы мiжнародны старт. На жаль, чэмпiянат свету ў снежнi адмянiлi. 

— Калi даведалiся пра адмену спаборнiцтваў, не было крыўдна, што дарма напрацоўвалi форму?  

— Спачатку быў незразумелы стан, усе знаходзiлiся ў няведаннi. А калi стала канчаткова зразумела, што стартаў не будзе, стала злёгку крыўдна. Але i ў такой сiтуацыi можна знайсцi свае плюсы. У нас з'явiўся дадатковы час адпрацаваць i выправiць свае памылкi, паправiць здароўе. Трэба iмкнуцца шукаць ва ўсiм станоўчыя бакi. Як сэнс крыўдзiцца на тое, што ад цябе не залежыць? 

— Вы не выступалi на Алiмпiйскiх гульнях 2016 года. У 2020-м таксама не атрымалася. Не было думак, што гэта не проста так?  

— Я нi пра што такое не думаў. Зусiм не лiчу гэта злым рокам цi няўдалым супадзеннем. Не я адзiн апынуўся ў такой сiтуацыi. Усiм спартсменам дасталася доля чакаць i працаваць яшчэ год. Я да гэтага спакойна стаўлюся. Алiмпiйскiя гульнi — галоўныя спаборнiцтвы ў свеце, якiя адбудуцца ў любым выпадку. I кожны спартсмен зробiць усё магчымае, каб там выступiць. 

— Планы на Алiмпiйскiя гульнi ўжо паставiлi? 

— Планы важныя для Мiнiстэрства спорту, Нацыянальнага Алiмпiйскага камiтэта, нашай федэрацыi. Мы з трэнерам нiколi не загадваем пэўны вынiк цi месца. Мы працуем, каб пастаянна паляпшаць свае вынiкi. А якi гэта будзе час цi месца — стане вiдаць пасля фiнiшу.

— У наступным годзе вам будзе 27 гадоў. Узрост не перашкодзiць паспяховаму выступленню?

— У плане ўзросту ў плыўцоў усё iндывiдуальна. Цяпер i юнiёры ў 15-16 гадоў паказваюць высокiя вынiкi, зусiм не саступаючы 30-гадовым цi 35-гадовым спартсменам. I трапляюць у прызёры. Маладым спартсменам перанос Алiмпiяды на год, безумоўна, на руку. У iх ёсць час удасканалiць форму i адабрацца на Алiмпiйскiя гульнi. Узроставым спартсменам з гэтым цяжэй, але некрытычна. Трэба знайсцi да сябе падыход i выбраць аптымальную сiстэму падрыхтоўкi з улiкам асаблiвасцяў свайго арганiзма, свайго ўзросту i мэт. 

— Якi ўзрост для плыўцоў лiчыцца найлепшым? 

— Я бачыў статыстыку, згодна з якой на Алiмпiйскiх гульнях 2012 года ў Лондане сярэднi ўзрост мужчын-плыўцоў быў 27 гадоў. Сучаснае плаванне значна пасталела. Я думаю, справа ў новых методыках падрыхтоўкi, падводак да спаборнiцтваў. Шмат узроставых спартсменаў сярод спрынтараў, акцэнт на хуткасную падрыхтоўку таксама адыгрывае вялiкую ролю. Шмат розных аспектаў, i ў кожнага яны свае. 

— Iлья, вы ўжо некалькi разоў выступалi ў Токiа, у наступным годзе праблем з аклiматызацыяй можна не баяцца? 

— Так, апошнiя два гады нам шанцавала на Азiю. Толькi ў 2019 годзе ездзiлi на чэмпiянат свету ў Карэю i на этап Кубка свету ў Токiа. Асаблiвых праблем з аклiматызацыяй не было. Тым больш што на Алiмпiйскiя гульнi мы прылятаем за два тыднi, каб цалкам адаптавацца. Гэта не тое, што на Кубку свету, — прыязджаеш i адразу стартуеш, а потым ужо арганiзм пачынае прывыкаць i часам становiцца блага. 

— I як вам Токiа? 

— Мне ўвогуле даспадобы Азiя, асаблiва кухня. На мой погляд, Токiа — самы прыгожы i самы цiкавы горад. Ён мне падабаецца больш за ўсе гарады, дзе я быў. Людзi, прыгажосць, атмасфера — мне ўсё ў iм iмпануе. Не ведаю, чаму кажуць, што гэта вялiкi людскi мурашнiк. Столькi ж людзей, колькi i ў любым iншым мегаполiсе. Хоць, я мабыць, проста не трапляў у час пiк. На жаль, не засталi цвiценне сакуры, а вельмi хочацца паглядзець. 

— Аднойчы вы адзначылi, што псiхалагiчная падрыхтоўка часам важнейшая за фiзiчную. Можаце растлумачыць чаму? 

— Шмат спартсменаў, добра падрыхтаваных фiзiчна, прыязджаюць на важныя старты i перагараюць, не могуць справiцца з сапернiкамi. Зразумела, што паказваць высокi вынiк у такiм стане немагчыма. Атрымлiваецца, што работа прападае. Я пастаянна працую з псiхолагам. Зразумела, што ва ўсiх сваё стаўленне i свой погляд на гэты аспект. Усе-ткi псiхалогiя — рэч iндывiдуальная. Мне супрацоўнiцтва з псiхолагам дапамагае спраўляцца з сабой, са сваiмi думкамi i не адцягвацца на сапернiкаў цi нейкiя знешнiя раздражняльнiкi. На мой погляд, лепш працаваць са спецыялiстам, чым сутыкнуцца з псiхалагiчнымi праблемамi ў самы адказны момант, напрыклад, на галоўным старце. 

— Абмяркоўвалася правядзенне Алiмпiйскiх гульняў у Токiа без гледачоў. Цi будзе гэта крытычна для вас i наколькi важная падтрымка заўзятараў?  

— З пункту гледжання спартсменаў, правядзенне Алiмпiяды без гледачоў не стала б катастрофай. Зразумела, што гэта выклiкала б вялiкiя страты прыбытку ад продажу бiлетаў, сувенiраў i гэтак далей. Кожны спартсмен зацыклены на сабе i сваiх дзеяннях. Канешне, дапамагае, калi трыбуны крычаць словы падтрымкi. Але i без гледачоў можна сканцэнтравацца i паказаць вынiк. 

 — Якiя траўмы часцей за ўсё сустракаюцца ў плыўцоў? 

— Самая папулярная траўма нашага спорту — праблемы з локцевымi, каленнымi i плечавымi суставамi. Гэта лёгка растлумачыць. Плаванне — цыклiчны вiд спорту. Сустаў пастаянна паўтарае адзiн i той жа рух, сцiраецца i пачынае хварэць. Я ўжо год змагаюся з запаленчым працэсам у локцевым суставе. Да каго я толькi не звяртаўся, пераносiў самыя розныя працэдуры — але ўсё роўна праблема застаецца нявырашанай.  

— Iлья, чаму справай вашага жыцця стала менавiта плаванне? 

— Калi я быў малы, бацькi старалiся мяне ўсебакова развiваць i даваць маёй энергii выхад. Чым я толькi не займаўся ў дзяцiнстве — бальныя танцы, баскетбол, плаванне ў дзiцячым садку. Але я быў хваравiтым дзiцёнкам. Маме параiлi часцей вадзiць мяне ў басейн, каб падправiць здароўе. А я вельмi любiў плаваць i сур'ёзна гэтым заняўся. У 10 гадоў паўстаў выбар памiж бальнымi танцамi i плаваннем. Думаю, зразумела, што я выбраў. Я заўсёды атрымлiваў задавальненне ад плавання i нi разу не пашкадаваў, што звязаў з iм сваё жыццё.

 — Якiя спаборнiцтвы можаце назваць самымi адметнымi?  

— Кожны старт асаблiвы. Нейкi турнiр успамiнаеш з цеплынёй, некаторыя турнiры прыносяць адмоўныя эмоцыi, якiя не хочацца ўспамiнаць i тым больш дапускаць паўтарэння. Прыемныя ўспамiны выклiкае Унiверсiяда 2017 года, дзе ў мяне былi два залатыя медалi. Запамiнальным для мяне стаў чэмпiянат свету 2018 года. Гэта быў мой першы старт з iндывiдуальнымi ўзнагародамi. Пасля таго як заваяваў там два сярэбраныя медалi, зразумеў, што магу спаборнiчаць з найлепшымi плыўцамi. Леташнi чэмпiянат Еўропы прынёс як станоўчыя, так i адмоўныя эмоцыi. У паўфiнале на 100 метраў пабiў еўрапейскi рэкорд — 55,89 секунды. А ў фiнале праплыў за 56,42 секунды i стаў другiм. Гэта было павучальнае плаванне. 

— Прыязджаючы на адпачынак да мора, людзi iмкнуцца ўдосталь наплавацца. Вам жа, атрымлiваецца, даводзiцца i на адпачынку займацца работай?  

— Калi я на моры, па мне не вiдаць, што я прафесiйны плывец. Акуратна, спакойна плаваю, атрымлiваю асалоду ад хваляў. Вельмi люблю ныраць i разглядаць рыб i падводны свет. Адпачынак — гэта ж не толькi мора i пляж. Я адпачываю, калi побач жывёлы. Вельмi iх люблю. Дзякуй бацькам, што прывiлi мне гэтую любоў. Я лiчу, што ў кожнага чалавека павiнна быць хоць адна жывёлка — найлепшы антыстрэс. 

— Iлья, у чым крынiца матывацыi, якая ўтрымлiвае вас у спорце? 

— Усё вельмi проста. Я атрымлiваю каласальнае задавальненне ад сваёй працы. Мне цiкава даведацца, на што я здольны i колькi магу прагрэсiраваць. Для самога сябе цiкава ўбачыць, чаго магу дасягнуць. Я не хачу ў гэтым супыняцца. Узнагароды i грошы таксама важныя, але для мяне яны на другiм месцы. На першым — мой вынiк. 

Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда", 15.08.2020
 Фота з асабiстага архiва героя