Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / СМІ пра нас

"Паўлiнка" у "Акопах"

 

Менавiта такi iнтэрактыўны праект арганiзавалi ў фiлiяле лiтаратурнага музея па матывах п'есы Янкi Купалы «Паўлiнка».


 Музей знаходзiцца ў вёсцы Харужынцы (раней сядзiба Мiхалiшкi), за два кiламетры ад таго месца, дзе стаяў фальварак сям'i Купалы. Тут жылi яго мацi, сёстры.


 Пясняр прыязджаў сюды з 1911 да 1913 года. Для паэта гэты фальварак быў месцам творчасцi. I даволi плённай. У Акопах напiсаны паэмы «Бандароўна», «Магiла льва», «Яна i я», п'есы «Раскiданае гняздо», «Прымакi», «Тутэйшыя», больш як сто вершаў. I вядома ж, знакамiтая «Паўлiнка».



— Гэтае месца як нiякае iншае адлюстроўвае тую атмасферу, што хацелi перадаць арганiзатары. Паколькi мы жывём у сучасным свеце, то нацыянальны каларыт, эпоха пачатку XX стагоддзя вельмi цiкавыя для турыстаў, гасцей, — кажа дырэктар турыстычнай фiрмы «Вегатур» Алена Русакевiч. — Нашы супрацоўнiкi сваiмi сiламi стварылi тут тагачасныя пабудовы.

Напачатку я наведала кiрмаш, дзе гуло, вiравала жыццё, iшоў бойкi гандаль. Рамеснiкi хвалiлi сваю прадукцыi, ды запрашалi не саромецца, падыходзiць, купляць. Вочы разбягалiся ад выбару. Ну, i вядома, якi кiрмаш без цыганоў. Яны весела спявалi ды кружылiся ў задорных танцах. Запрашалi ў кола i наведвальнiкаў. Некаторыя прымалi запрашэнне i як маглi прытанцоўвалi ў такт музыцы. Ну i, зразумела ж, праяўлялi сваю натуру, чаплялiся да людзей, каб пагадаць, хапалi за рукi. Але за парадкам пiльна сачыў ураднiк. I калi цыгане пераходзiлi дазволеную мяжу, ён iх штурхаў у каршэнь i пакрыкваў. На кiрмашы я сустрэла i пана Быкоўскага, якi ў картузе з чырвонай кветкай гарцаваў на канi памiж гандлёвымi радамi.

На кiрмашовай плошчы можна было наведаць i карчму «Апошнi грош». Бясспрэчна, якi ж кiрмаш без гэтага атрыбута. Тут прапаноўвалi нацыянальныя напоi i стравы. Напрыклад, смажанае на вуглях мяса, квашаную капусту з салёнымi агуркамi ды бульбай.

Пасля кiрмашу ўсiх ахвотных запрасiла да сябе сям'я Крынiцкiх. I гледачы сталi ўдзельнiкамi шоу. Яны расселiся за сталы i лаўкi. Паўлiнка падносiць iм беларускiя пачастункi: клiнковы сыр з кменам, сала, дамашнюю каўбасу, зялёную цыбулю, абаранкi «Дзiцячая радасць», кампот «Папараць-кветка», настойку «Пчалiны пацалунак».

Госцi п'юць, закусваюць i адначасова глядзяць спектакль, удзельнiкамi якога становяцца i самi. Беларуская полька, лявонiха, шляхецкi падэспань ствараюць непадробную тагачасную атмасферу.

А вось i жанiх з'явiўся. Праўда, каня свайго адмовiўся паказаць бацькам маладой, маўляў, адпусцiў дадому. «А на чым жа пан Адольф назад паедзе?», — запыталiся ў яго. «Ды тут недалёка, пехатой дабяруся». Чым выклiкаў у прысутных жарты: мусiць, пасаромеўся паказваць змардаваную худую жывёлiну.

А Сцяпан Крынiцкi тым часам усё часцей выглядаў на вулiцу, вядома ж, сваты павiнны з'явiцца з хвiлiны на хвiлiну. I вось нарэшце спынiўся воз, запрэжаны ладнымi жарабцамi. З яго лiтаральна скацiлася мажная кабета, а за ёй сiвы мужчына ў нацыянальных строях. Iх запрасiлi за стол. Ды сват ужо добра «заправiўся» па дарозе. I адразу пусцiўся ў скокi.

Вядома, перш за ўсё ўвага гасцей была сканцэнтравана на Паўлiнцы i пане Быкоўскiм, якiя з'яўляюцца галоўнымі героямі камедыi. Паўлiнка — прывабная, спраўная сялянская дзяўчына. Яе розум і прыгажосць выклiкаюць станоўчыя пачуццi ў прысутных. А вось Адольф Быкоўскi, якi прымярае на сябе ролю будучага зяця Крынiцкiх — толькi смех сваiмi фанабэрыяй, жаданнем прадэманстраваць «разумнейшасць» i «вышэйшасць». Ён пагарджае ўсiм мужыцкiм i ўпэўнены, што дзяўчына не можа не ацанiць яго, такога багатага, кемлiвага i дасць згоду на шлюб. Бацька Паўлiнкi Сцяпан Крынiцкi ўжо зараней з зяцем дамовiўся. Так i прэ з Быкоўскага дурасць, недальнабачнасць. Усе заўважаюць, наколькi ён камiчны i недарэчны, акрамя Сцяпана. Бо яго дачка закаханая ў Якiма, якi выказвае крамольныя рэвалюцыйныя думкi, чым не падабаецца Сцяпану.

Ды каханне нарэшце перамагае, i Паўлiнка збягае з любым хлопцам.

Варта сказаць, што ў спектаклi сыгралi самадзейныя акцёры. Але сыгралi адмыслова, як сапраўдныя прафесiяналы. Рэалiзацыя iнтэрактыўнага праекта была пакуль пробная. На яе запрасiлi гледачоў, каб яны ацанiлi пастаноўку, падказалi, што тут можна змянiць, дадаць. Арганiзатары будуць нешта ўдасканальваць, адточваць майстэрства. Дарэчы, тут прапаноўваюць стравы, прыгатаваныя толькi з натуральных фермерскiх прадуктаў.

Дадам, што наведаць спектакль можна i з дзецьмi. Iм будзе чым заняцца — пакатацца на канi, на атракцыёнах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ "Звязда", 08.07.2020