Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / СМІ пра нас

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 года, бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2016 года, уладальніца залатых узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы... Спіс яе дасягненняў можна працягваць доўга. Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.


— Адкуль у вас з'явілася любоў да вады?

— Думаю, з самага дзяцінства. З яе мяне было проста не дастаць. Рэчка, вадаём, канаўка — я лезла куды заўгодна. (Смяецца.) А калі выпадкова трапіла ў басейн, адразу зразумела, што гэта тое месца, дзе мне па-сапраўднаму добра.

— Памятаеце свае першыя поспехі?

— У мяне яны з'явіліся далёка не адразу. Калі прыйшла ў басейн, была адной з тых, хто адставаў. Але, нягледзячы на тое, што не ўсё атрымлівалася, я не прапускала ніводнага занятку, таму што гэта прыносіла мне задавальненне. З часам нарэшце дачакалася таго моманту, калі дагнала іншых, а крыху пазней — нават перагнала. Поспехі пачаліся ў класе шостым-сёмым. Тады я выйграла першы сярэбраны медаль на чэмпіянаце горада. На тыя спаборніцтвы за мяне прыйшоў хварэць мой тата. Для мяне гэта было вельмі важна.

— На спаборніцтвах заўсёды адчуваецца напружаная абстаноўка?

— Гледзячы на якіх... Чэмпіянат свету, напрыклад, не можа параўнацца па напружанасці па тым запале, які прысутнічае на Алімпійскіх гульнях. Бо яны — гэта мэта, да якой ідуць усе спартсмены. Складана перадаць атмасферу, якая там пануе, нават усмешкі не заўсёды бываюць шчырымі. Але гэта і зразумела: усе хочуць выйграць і стаць чэмпіёнамі. Напэўна, на любых спаборніцтвах, а асабліва на Алімпіядзе, перамагае той, хто псіхалагічна мацнейшы. Хто маральна падрыхтаваны, у таго больш шанцаў перамагчы.

— Якім было самае незвычайнае месца, дзе вы плавалі?

— Шчыра кажучы, не вельмі люблю гэта рабіць у тых месцах, якія не ведаю. Мора, акіян, басейн — вось дзе мяне можна ўбачыць. На рэчцы я ніколі не плаваю. У дзяцінстве калісьці танула, і ў мяне да гэтага часу прысутнічае боязь каламутнай вады. Ды ў прынцыпе ва ўсіх плыўцоў ёсць своеасаблівая фобія: не шмат хто любіць плаваць, калі не бачыць дна.

— Колькі часу ў дзень займаюць трэніроўкі?

— Менш, чым пяць гадоў таму. У мяне свая сістэма трэніровак, якой цалкам дастаткова. У дзень зараз удзяляю ёй па дзве, ну, максімум тры гадзіны. І мне хапае, хоць раней бывала так, што ў суткі на трэніроўкі ішло і па восем гадзін. Усё залежыць ад узросту і статусу спартсмена. Наогул працэс трэніроўкі складана апісаць у некалькіх сказах, на гэта спатрэбіцца цэлы артыкул. (Смяецца.)

— Ад чаго давялося адмовіцца дзеля прафесійнага спорту?

— Адразу ўспамінаецца юнацтва, разумееш, што, па сутнасці, яго і не было, бо ўвесь час быў заняты спортам. Гэта былі трэніроўкі, спаборніцтвы, зборы, лагеры... Вядома, даводзілася шмат у чым сабе адмаўляць. Часам нават проста выйсці ў кіно было праблематычна, таму што на наступны дзень планавалася, напрыклад, цяжкая трэніроўка і трэба было абавязкова адпачыць. Што датычыцца нездаровай ежы, я ўвогуле яе не люблю і для мяне адмова не з'яўляецца вялікай трагедыяй.

— Што можаце пажадаць пачынаючым спартсменам?

— Вельмі шмат людзей пытаюцца, як дамагчыся поспеху, які яго сакрэт... Скажу так: у кожнага ён свой. Няма нейкага пэўнага рэцэпта, што трэба рабіць для таго, каб усё атрымалася. Але ёсць пэўныя правілы, пры дапамозе якіх, калі іх прытрымліваешся, ты дамагаешся максімуму. Самае важнае і, я лічу, самае галоўнае — гэта любоў да той справы, якой займаешся. Трэба разумець, што ты робіш, для чаго. Ставіць сабе мэты. Без іх рухацца цяжка, бо не ведаеш, у якім кірунку ісці. Таму мэта — гэта асноватворнае. Ну і, вядома ж, бачыць, як гэтай мэты дасягнуць, ведаць шляхі, як да яе дайсці. І проста працаваць. Здавалася б, усё элементарна, але гэта працуе. Ну і адно з найважнейшых правілаў — гэта вера ў тое, што ты робіш, вера ў сябе незалежна ад таго, хто і што гаворыць. Калі ты верыш, што ў цябе атрымаецца, то ніхто і нішто не зможа цябе пераканаць у адваротным.

— Ці многае памянялася ў кар'еры пасля нараджэння дачкі?

— Вядома, калі ў цябе з'яўляюцца дзеці, усё мяняецца вакол, канцэнтруешся больш на сям'і. Калі не было яшчэ дачкі, мы з мужам заўсёды заставаліся побач — спаборніцтвы, зборы, нейкія выезды. Таму надоўга не расставаліся. Цяпер з гэтым складаней. Але я стараюся адаптавацца.

— Думаеце пра тое, каб яна пайшла па вашых слядах?

— Не, гэтага адназначна не хачу. Я, напэўна, «наелася» спорту ў плане эмоцый, перажыванняў.
І была б рада, калі б яна знайшла для сябе якую-небудзь іншую сферу. Але зноў-такі, калі дзіця само выкажа жаданне, напэўна, перашкаджаць не буду.

— Клуб па плаванні быў вашай новай мэтай?

— Яго мы адкрылі чатыры гады таму. Сабралася ініцыятыўная група, якая вырашыла гэта зрабіць. Мы падумалі, што будзе мэтазгодна і актуальна сустракацца з хлопчыкамі і дзяўчаткамі, дзяліцца вопытам, расказваць пра свае поспехі, ну і, вядома ж, дапамагаць ім развіваць свае здольнасці.
Я вельмі ганаруся сваімі выхаванцамі. Зараз яны пачалі выступаць на буйных міжнародных спаборніцтвах і, нягледзячы на тое, што не ўсе атрымліваюць прызавыя месцы, дакладна трапляюць у дзясяткі наймацнейшых. Для мяне яны — мая перамога і мой гонар.

— Праект Sроrt-іnсlusіоn увянчаўся такім жа поспехам?

— Ідэя ўзнікла паўтара года таму зусім нечакана. На адным аўкцыёне ў падтрымку дзяцей я пазнаёмілася з Таццянай Якаўлевай, і падчас гутаркі з'явілася задумка стварыць спартыўны праект для дзяцей з аўтызмам, каб сацыялізаваць іх у грамадстве. Дзякуючы заняткам спортам яны могуць больш прадказальна паводзіць сябе ў паўсядзённым жыцці. Для іх гэта нешта накшталт тэрапіі. Мы будзем развівацца далей, але хачу сказаць, што ўжо ёсць вынікі. Нам вельмі дапамагаюць гарадскія ўлады і Міністэрства замежных спраў. Усе адгукнуліся, і гэта вельмі выдатна!

— Вы ніколі не хацелі паспрабаваць сябе ў іншай сферы?


— Мяне заўсёды цікавіла кіно. Я нават выконвала эпізадычную ролю ў нашым айчынным серыяле «Вышэй за неба». Для мяне гэта быў такі класны і незвычайны вопыт, я яго нават паўтарыла б, хоць гэта вельмі складана.

— Ці былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць?

— Вядома, я думаю, кожны з гэтым сутыкаецца. Калі становіцца цяжка, калі надакучыла манатонная праца, на вуліцы дрэннае надвор'е, і ўсё лянотна, і нічога не хочацца, кепскі настрой і ў цябе, і ў трэнера. Стомленасць адыгрывае вялікую ролю. У такія моманты вельмі важна проста трошкі выдыхнуць, даць сабе паўзу.
Я звычайна прасіла адзін-два дні, каб пазаймацца без удзелу трэнера, трошкі псіхалагічна разгрузіцца. Часам магла нават не плаваць некалькі дзён, проста займацца ў зале. Потым з новымі сіламі зноў пачынала працаваць, разумеючы, што ўсё гэта дробязі і галоўная мэта — наперадзе.

— А што наконт крытыкі?

— Ведаеце, у дзяцінстве вельмі балюча яе ўспрымала. Я не любіла, калі мяне крытыкуюць. Вядома ж, маўчала, трывала, але ўнутры ўсё кіпела. З узростам гэта трошачкі прыціхла. Разумею, што крытыка — адзін з элементаў для ўдасканалення. Без яе ніяк, таму зараз стаўлюся цалкам спакойна. Вядома, не з усім бываю згодная. Лічу, што трэба быць псіхалагічна гатовым да крытыкі, у якой бы сферы ты ні развіваўся...

 

Ангеліна НОВІКАВА, 
студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў