Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / Навіны

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкi абвясцiла конкурс дзiцячых малюнкаў

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкi абвясцiла конкурс дзiцячых малюнкаў «ПраБег. Мiнскi паўмарафон вачамi дзяцей», паведамляе газета "Звязда". 

 Для ўдзелу ў конкурсе неабходна стварыць малюнак на бегавую i спартыўную тэматыку. Вiтаецца выкарыстанне выявы беларускiх лёгкаатлетаў i беларускiх славутасцяў. Арганiзатары папярэджваюць, што на конкурс не прымаюцца калажы i аплiкацыя, а таксама малюнкi, выкананыя ў праграмах для графiчнага мадэлявання або дызайну. 

Малюнак павiнен быць падпiсаны з адваротнага боку або на асобным лiстку. Неабходна ўказаць прозвiшча, iмя, узрост удзельнiка, звесткi аб бацьках, паштовы адрас i, пры наяўнасцi, e-mail. Конкурс праходзiць у чатырох узроставых катэгорыях: дзецi з 3 да 6 гадоў, дзецi з 7 да 10 гадоў, дзецi з 11 да 15 гадоў i падлеткi з 16 да 18 гадоў. 

Работы прымаюцца да 20 жнiўня па паштовым адрасе Беларускай федэрацыi лёгкай атлетыкi: вул. Кiрава, д. 8, корп. 6, каб. 708, 220030, г. Мiнск. З 21 жнiўня да 1 верасня члены журы выберуць пераможцаў. Карыстальнiкi сайта БФЛА таксама абяруць сваiх фаварытаў праз галасаванне. З 8 па 13 верасня адбудзецца выстаўка малюнкаў. Узнагароджанне пераможцаў пройдзе 13 верасня ў рамках Мiнскага паўмарафону–2020. Аўтары найлепшых работ у кожнай катэгорыi атрымаюць спецыяльны прыз ад партнёраў i арганiзатараў Мiнскага паўмарафону. 

Малюнак абсалютнага пераможцы будзе размешчаны на бiлбордзе на самай ажыўленай вулiцы беларускай сталiцы з указаннем аўтара. Нагадаем, што Мiнскi паўмарафон–2020 адбудзецца 13 верасня. Плануецца, што ў самай вялiкай бегавой падзеi краiны прымуць удзел 42 тысячы чалавек.