Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Галоўная / Актуальна

Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў на мінскім стадыёне "Дынама"

Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў прайшла на мінскім стадыёне "Дынама", перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Маштабнае спартыўнае свята, якое праходзіла на працягу дзесяці дзён на 12 арэнах з удзелам атлетаў з 50 краін Еўропы, завяршылася. 

Трыбуны галоўнай арэны краіны былі запоўнены гледачамі, многія з якіх таксама прымалі ўдзел у арганізацыі і правядзенні форуму. У цэнтры стадыёна была ўстаноўлена кампазіцыя Нацыянальнай бібліятэкі, на якую былі спраецыраваны самыя яркія моманты праведзеных спаборніцтваў. Цырымонія пачалася з выканання гімна Беларусі. 

На арэне адбыўся парад сцягоў, атлетаў і ўшаноўванне валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў. Беларуская група Aura выканала кампазіцыю "Bright Year, Bright You!". 

Удзельнікі гульняў зрабілі ганаровы круг перад трыбунамі і занялі месца ў цэнтры арэны разам з валанцёрамі. Цэнтр стадыёна, як паведамлялася, на час цырымоніі стаў танцпляцоўкай. 

Сцяг Беларусі на "Дынама" пранесла двухразовая чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў у Мінску Марына Літвінчук. 

На "Дынама" адбылося і ўшаноўванне валанцёраў, якое прайшло пад спецыяльна напісаную кампазіцыю "We Are the Light" у выкананні былога ўдзельніка групы Iron Maiden Тоні Мура і маладой беларускай спявачкі Хрысціны Святлічнай. У гонар 8 тыс. валанцёраў, якія дапамагалі ў правядзенні гульняў, на стадыёне "Дынама" таксама быў дадзены салют. 

У час спаборніцтваў на II Еўрапейскіх гульнях з 21 па 30 чэрвеня разыграна 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. 

Медальны залік выйгралі спартсмены з Расіі, якія заваявалі 109 медалёў, 44 з якіх залатыя.

Беларускія атлеты (221 удзельнік) паказалі адзін з лепшых вынікаў у гісторыі выступлення на вялікіх міжнародных стартах - 69 медалёў, з іх 24 залатыя.

Беларускім балельшчыкам запомняцца перамогі ў веславанні на байдарках і каноэ Марыны Літвінчук, Вольгі Худзенка і Арцёма Козыра, высокія рэзультаты лёгкаатлетаў Эльвіры Герман, Таццяны Халадовіч і Максіма Недасекава, бескампрамісная барацьба Васілісы Марзалюк, Ірыны Курачкінай, Кірыла Грышчанкі. 

Для Беларусі II Еўрапейскія гульні сталі таксама значнай культурнай падзеяй. Часткай культурнай праграмы гульняў і маштабнага праекта "Еўрапейскія гульні - еўрапейскае мастацтва" з'яўляюцца выстаўка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў "Казімір Малевіч і XXI стагоддзе", у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага выстаўка гістарычнага фехтавання "Еўрапейскае баявое майстэрства. Ад кузні Вулкана да майстэрства Марса". 

У Мінскай гарадской ратушы прадставілі самую вялікую ў свеце прыватную калекцыю ўнікальных алімпійскіх артэфактаў. Усяго праведзена больш за 50 культурных мерапрыемстваў, прысвечаных II Еўрапейскім гульням.

Фота Андрэя Пакумейкі, Дзяніса Касцючэнкі, Ягора Паўлюшчыка